Што такое прысяжны вусны пераклад?
Не ўсе перакладчыкі маюць аднолькавыя кампетэнцыі. Прысяжныя пераклады — гэта асаблівы від перакладаў, які могуць ажыццявіць толькі асобы з адпаведнымі паўнамоцтвамі. Хто можа гэтым займацца? Калі такі пераклад з’яўляецца абавязковым? І, нарэшце, чым вусныя сертыфікаваныя пераклады адрозніваюцца такіх самых, але пісьмовых?
Што такое прысяжны пераклад?
Пераклад інструкцыі па эксплуатацыі альбо маркетынгавага кантэнту — гэта тое, на што здольны кожны перакладчык. Для гэтага спецыяльныя паўнамоцтвы не патрэбны. Зусім іншая сітуацыя складаецца ў выпадку, калі патрабуецца пераклад адміністрацыйных дакументаў. Установа павінна быць упэўнена ў тым, што змест перакладу сапраўды адпавядае арыгіналу. Уласна, менавіта з гэтай мэтай была створана адна з так званых «прафесій грамадскага даверу» — прысяжны перакладчык. Каб атрымаць права працаваць па дадзенай прафесіі, неабходна адпавядаць некалькім крытэрыям.
Як атрымаць паўнамоцтвы?
Асобы, якія жадаюць рэалізавацца ў гэтай прафесіі, павінны выканаць наступныя ўмовы:
- Мець грамадзянства Польшчы або адной з дзяржаў ЕС, ЕАСГ, Швейцарскай Канфедэрацыі;
- Мець пэўныя навыкі ў сферы прававой дзейнасці;
- Не мець судзімасці за наўмыснае, казначэйскае або ненаўмыснае злачынства супраць бяспекі гаспадарчага абароту;
- Мець скончаную вышэйшую адукацыю;
- Свабодна валодаць польскай мовай;
- Здаць іспыт на пасаду прысяжнага перакладчыка.
Чым, уласна, адрозніваецца праца звычайнага перакладчыка ад прысяжнага? Усё датычыцца адказнасці ў выпадку памылкі. У той час, калі абавязацельствам для звычайнага перакладчыка, як правіла, з’яўляецца дамова, якая падпісваецца з заказчыкам, прысяжны перакладчык нясе прафесійную і грамадзянскую адказнасць, пацверджаную пячаткай, пастаўленай на дакуменце.
Як выглядае іспыт на прысяжнага перакладчыка?
Іспыт складаецца з пісьмовай і вуснай частак. Ён арганізаваны Дзяржаўнай экзаменацыйнай камісіяй, якая дзейнічае ад імя Міністэрства Юстыцыі. Падчас пісьмовай часткі асоба, што здае іспыт, можа карыстацца ўласным слоўнікам. Іспыт доўжыцца чатыры гадзіны і заключаецца ў перакладзе чатырох тэкстаў – двух з польскай мовы на замежную мову і двух з замежнай на польскую. Сама меней адзін з тэкстаў будзе тычыцца судовай або адміністрацыйнай тэматыкі. Асобы, якія здалі пісьмовую частку, могуць пачаць вусную. Яна складаецца з паслядоўнага перакладу і перакладу a vista. Першы прадугледжвае пераклад слоў дакладчыка падчас паўзаў у яго прамове. Асоба, якая здае іспыт, выконвае пераклад у асноўным пры дапамозе нататак. У сваю чаргу пераклад a vista з’яўляецца вусным перакладам пісьмовага тэксту. Часцей за ўсё такія пераклады выконваюцца ў канцылярыях і падчас судовых працэсаў. Сама меней адзін з дакументаў з’яўляецца дакументам юрыдычнага характару.
Калі неабходны прысяжны пераклад?
Калі кантакт з прысяжным перакладчыкам неабходны, а калі можна карыстацца паслугамі асобы без такіх паўнамоцтваў? Сертыфікацыя заўсёды патрабуецца ў выпадках, калі трэба пацвердзіць, што гэты пераклад з’яўляецца аўтэнтычным, а яго змест адпавядае арыгіналу. Дзяржаўныя ўстановы прымаюць замежныя дакументы толькі ў выглядзе перакладаў, завераных круглай пячаткай прысяжнага перакладчыка. Коратка кажучы: сертыфікаваны пераклад неабходны для ўсіх дакументаў, якія маюць юрыдычную сілу. Гэта датычыцца рознага кшталту актаў грамадзянскага права, пасведчанняў аб заканчэнні школы, даведак аб несудзімасці, пашпартоў транспартных сродкаў і пасведчанняў аб рэгістрацыі.
Вусны прысяжны пераклад — калі ён выкарыстоўваецца?
Такі пераклад неабходны, напрыклад, падчас зачытвання натарыяльных актаў, калі адна з асоб не размаўляе на мове, на якой быў складзены адпаведны дакумент. Перакладчык павінен прысутнічаць падчас судовых пасяджэнняў. Таксама ён, напрыклад, выконвае важную функцыю падчас цырымоніі заключэння шлюбу, калі адзін з сужэнцаў размаўляе на замежнай мове.